Главная » Статьи » История » Религиоведение

Народныя веды беларусаў.

Касмалогія і астраномія. Паўсядзѐнны жыццѐвы вопыт, практычная і рытуальна-сімвалічная дзейнасць выпрацавалі на працягу многіх соцень гадоў у сялян шматаспектныя погляды на свет і прыродныя з'явы. Усведамляючы сябе неад'емнай часткай прыроды, селянін уважліва назіраў за нябеснымі свяціламі, вызначаў іх становішча на небе, дынаміку іх руху і даволі дакладна арыентаваўся ў прасторава-часавай структуры Сусвету (час сутак, квадры месяца, перамены сонечных фаз, бакі свету і інш.). Пры гэтым, веды беларускіх сялян у галіне астраноміі і касмалогіі былі вельмі шчыльна знітаваныя з міфалагічнымі ўяўленнямі пра будову Космасу.

Паводле касмалагічных ўяўленняў беларусаў, нябесны купал абапіраўся на слупы. Вяршыню цэнтральнага слупа завяршае Стажар (Палярная зорка), які стаіць нерухома, а вакол яго круцяцца іншыя зоркі. Цэнтральнае месца на небе займала сузор'е Вялікай Мядзведзіцы (народныя назвы: Воз, Карэц, Сакачы, Конь), якое ў старажытнасці асацыявалася з "нябеснай калясніцай" бога Грымотніка (Перуна). Невыпадкова, што ў беларускай замоўнай традыцыі да "нябеснай (божай) калясніцы" звярталіся па дапамогу ад нячыстай сілы, шалу, уроку і іншых хвароб.

Паўночная зорка служыла своеасаблівым арыенцірам для вызначэння начнога часу. З гэтай жа мэтай назіралі за рухам сузор'я Арыѐн (Тры каралі, Касары, Матавіла), сузор'я Плеяды (Валасажар, Сітка, Рэшата). Час вызначаўся па месяцы - знаходжанні гэтых сузор'яў адносна пэўнай хаты ці гаспадарчай пабудовы прыблізна наступным чынам: "Лѐг спаць, калі Тры каралі яшчэ не ўсходзілі, а ўстаў, калі Тры каралі былі насупраць Язэпава гумна".

Сонца і Месяц, якія ўвасабляліся ідэальнай шлюбнай парай (жонкай і мужам). Сонца абагаўлялі як адну з галоўных жыццядайных сіл, што валодае і пазітыўнымі магічнымі якасцямі. Вобраз Сонца з'яўляецца надзвычай пашыраным у абрадавых жанрах беларускага фальклора. Салярныя матывы здаўна з'яўляюцца ў беларусаў асноўным элементам у арнаментыцы вырабаў рытуальнага, пабытовага, мастацкага прызначэння.

Вялікае значэнне ў сістэме народнай храналогіі адыгрываў мясцовы час, бо з падзелам на месяцы і тыдні звязаныя квадры месяца. Гэтая сувязь тлумачыцца тым, што змена 4-х квадраў месяца, кожная з якіх прыблізна адпавядае сямідзѐннаму тыдню, можа быць прасочана чалавечым вокам беспасярэдне.

Народная метэаралогія, адна з важных старажытных галін народных ведаў пра магчымае надвор'е ў бліжэйшы ці больш аддалены час. Выклікана неабходнасцю арыентавацца ў зменах стану прыроды для аптымальнага вядзення гаспадаркі, асабліва земляробства. Народныя прадказанні надвор'я засноўваліся на шматвяковым сялянскім вопыце, назіральнасці, глыбокім веданні прыроды. Пад увагу браліся ўзаемасувязі атмасферных з'яў, асаблівасці росту раслін, іх рэагаванне на змены метэаралагічных умоў, фізічны стан чалавека, паводзіны звяроў, птушак, рыб і г.д. Разам з тым, у праказанні надвор'я вялікую ролю адагрывала і міфалагічнае асэнсаванне сусвету. Невыпадкова, што найбольш вызначальнымі днямі для доўгатэрміновых прагнозаў лічыліся буйнейшыя каляндарныя святы, калі знакі пра характар будучага надвор'я даюць самі богі. Так, паводле народных уяўленняў, адліга на Каляды сведчыла, што санны шлях пратрывае да сярэдзіны сакавіка, вясна будзе ранняя, а лета багатае; калі на Каляды ішоў снег ­­- вясна чакалася худая; на Шчадрэц (Новы год) снег падаў з самага ранку - уся зіма будзе снежная, а лета - пагоднае.

Такім чынам, надзвычай развітая і эфектыўная сістэма народнай метэаралогіі сведчыць пра асаблівы, партнѐрскі тып узаемадачыненняў чалавека Традыцыі і Прыроды, калі апошняя разумелася не як бяздушная пляцоўка для тэхнагенных эксперыментаў (адзнака нашага часу), але як вялізная кніга, здольная пры тактоўным і ўважлівым стаўленні даць адказы практычна на ўсе пытанні.

Сістэма вымярэння часу мела сваім грунтам галоўныя рытуалы каляндарнага і сямейнага цыклаў: "На Каляды", "за два тыдні да Юр'я", "тыдзень пасля Іллі" ці "за год, як ажаніўся Міхась", "месяц пасля радзінаў у Янкі, што былі за тыдзень да Міколы" і г.д. У межах сутак, што мелі падзел на чатыры часткі (раніца, дзень, вечар, ноч) час вызначалі па сонцы, уночы - па месяцу і зорках. Светавы дзень падзяляўся на снеданне - раніцай, абед - у поўдзень, падвячорак - у гадзін 5-6 дня і вячэру - звычайна пасля заходу сонца. Дзѐнны час яшчэ вызначаўся ў залежнасці ад догляду жывѐлы - даення, кармлення ці паення кароў, кармлення коней, свіней, курэй і г.д. Існавалі і архаічныя вызначэнні часавых прамежкаў праз адлегласць і наадварот: "Ісці да Валатоўскай амшарыны доўга, як да Святога дуба" ці "шлях гэты няблізкі -тры дні пуці".

Вымярэнне цяжару і вадкасці розных рэчываў адбывалася паводле іх аб'ѐму. Асноўнымі мерамі былі гарнец, кварты, вядро і інш.(падрабязней гл.раздзел "Бондарства…", тэма 4).

Народная медыцына - сукупнасць эмпірычна набытых народам ведаў пра гаючыя сродкі, лекавыя травы і прафілактычна-лекавыя навыкі (дзеянні), а таксама іх практычнае выкарыстанне для зберажэння здароўя, папярэджання, дыягностыкі і лячэння хвароб. Спецыфіка беларускай народнай медыцыны абумоўлена прыродна-кліматычнымі асаблівасцямі беларускай этнічнай прасторы і сімбіѐзам міфалагічных і рацыянальных ведаў прадстаўнікоў традыцыйнай супольнасці пра навакольны свет. Адпаведна, метады і прынцыпы народнай медыцыны ўяўлялі складаны сінтэз магічных і рацыянальных прыѐмаў, разглядаць якія паасобку (што было характэрна для савецкай навукі) немагчыма.

Значную ролю ў сістэме народнай медыцыны беларусаў адыгрываюць аб'екты сакральнай геаграфіі - святыя камяні, азѐры, крыніцы, дрэвы, да якіх (асабліва ў спецыяльныя святочныя дні) неслі ахвяры, атрымліваючы пазбаўленне ад хвароб ці прафілактычную засцярогу ад іх.

Велізарнае значэнне меў і тысячагадовы народны вопыт у галіне фітатэрапіі. Абсалютнае веданне лекавых уласцівасцяў практычна ўсіх раслін, часу і месца іх збору, нарыхтоўкі і захавання, спосабу і механізму прыгатавання з іх лекавых сродкаў дадаткова падкрэслівае экалагічна дасканалы характар беларускай народнай медыцыны, набыткі якой з кожным годам прыцягваюць усѐ большую ўвагу, як з боку афіцыйнай медыцыны, так і з боку грамадства у цэлым.

Категория: Религиоведение | Добавил: Feanor (10.12.2018)
Просмотров: 733 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
avatar